Гісторыя ўстановы

Гісторыя Валеўскай школы

Лягчэй чалавеку на цяжкіх прасёлках,

У краі суровым – ужо ад таго,

Што недзе на свеце ёсць родная школа,

Ёсць родная школа яго.

Яна не пытае ні рангаў, ні званняў,

Агеньчык яе будзе вечна свяціць…

Міхась Курыла

Першая школа ў Валеўцы была арганізавана ў 1869 годзе як царкоўна-прыходская. Гэта была драўляная пабудова, у якой было толькі адно класнае памяшканне, дзе адначасова займаліся тры класы. Працаваў у такой школе толькі адзін настаўнік, калі ён займаўся з адным класам, другія ў гэты час выконвалі самастойныя работы.

Першы будынак школы

Першай настаўніцай была Окалава Юлія Юльянаўна. Закон Божы выкладаў святар Стракоўскі. У памяшканні вісела дзве дошкі, стаяў стол для настаўніка, шафа, некалькі доўгіх непафарбаваных лавак. Сшыткі выкарыстоўвалі толькі для напісання кантрольных работ, усе ж астатнія пісьмовыя работы выконвалі на грыфельных дошках. На той час у школе займалася 34 хлопчыкі і 1 дзяўчынка. Так было таму, што дзяўчынкі павінны былі працаваць па хатняй гаспадарцы. У школе выкладалася чатыры прадметы: пісьмо, чытанне, арыфметыка і Закон Божы.

У пачатку XX стагоддзя – царкоўна-прыходская школа ў Валеўцы было пераўтворана ў 3-х класную земскую пачатковую школу. Школу наведвала каля 130 вучняў з Валеўкі і з навакольных вёсак. У ёй працавала ўжо два настаўнікі, якія выкладалі рускую мову, арыфметыку, Закон Божы. У школе пачынаюць даваць першапачатковыя веды па гісторыі і геаграфіі. У земскай школе была вельмі строгая дысцыпліна, дзяцей ставілі на калені, білі лінейкамі па руках, прымушалі трымаць у паднятых руках цэглу. Ад вучняў патрабавалася зазубрыванне тэкстаў, без асэнсавання матэтыялу. Наглядных дапаможнікаў не было.

У 1915 годзе  ў сувязі з нямецкай акупацыяй школа была зачынена, а будынак немцы разабралі на паліва.

Вучні 20-ых гг.

У 1922 годзе у выніку таго, што Валеўка апынулася ў складзе Польшчы, тут была адчынена польская пачатковая школа, так называемая “школа повшэхна”. Выкладанне вялося на польскай мове. У сувязі з тым, што пасля Першай сусветнай вайны школьнага будынка не засталося, то школа размяшчалася ў наёмным памяшканні. У ёй заняткі вяліся не на роднай мове, таму насельніцтва не жадала пасылаць дзяцей у школу. У выніку да 1939 года 60% насельніцтва Валеўкі з’яўлялася неграматным.

У 30-х гадах польскія ўлады вырашылі зрабіць Валеўку “культурнай” вёскай. Гэта тлумачылася тым, што яна знаходзілася непадалёку ад возера Свіцязь і часта наведвалася экскурсантамі і турыстамі. З гэтай нагоды была выкладзена каменнем вуліца, у 1936 годзе пабудаваны драўляны будынак школы. З пачатковай школа была ператворана ў растучую сямігадовую.У 1938 – 1939 вучэбным годзе ў школе было 5 класаў, працавала 3 настаўнікі, вучылася каля 120 дзяцей.

Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 годзе ў Валеўцы працуе сямігадовая школа, у якой вучыцца 200 дзяцей. Упершыню ў гісторыі вядзецца навучанне на роднай мове. У школе з’явіліся першыя падручнікі. Быў закладзены зруб новага будынка школы.

У 1939 годзе ў школе ўзнікла першая піянерская арганізацыя, першымі піянерамі былі Шымко М. І., Мялешко Н. В., Туркевіч М. І., Талішэўскі А. В. Старэйшай піянерважатай была Мінкіна Надзея Іванаўна, ў 1940 годзе  - першая камсамольская арганізацыя. У камсамол уступілі: Клавсуць М. П., Гайдук В. А., Саўко І. І., у 1968 годзе камсамольскай арганізацыі школы прысвоена званне “50 – годдзя УЛКСМ”.

У час акупацыі Валеўкі гітлераўскімі войскамі ў школьным будынку фашысты планавалі размясціць паліцэйска-жандармскі пост. Аднак партызаны не дапусцілі гэтага і спалілі школу. Зруб ад другога школьнага будынка гітлераўцы разабралі і выкарысталі для будаўніцтва бункера ля царквы.

Пасля вызвалення, у верасні 1944 года ўзнавілася работа Валеўскай сямігадовай школы. Функцыянаваць школе было цяжка: не было падручнікаў, сшыткаў, мэблі. Школа размяшчалася ў шасці памяшканнях, чатыры з якіх былі наёмнымі. Дырэктарам Валеўскай сямігадовай школы з 1944 па 1949 год  працавала Лебедзева Серафіма Мікалаеўна, з 1949 па 1951 год – Шчарбакоў Пётр Міхайлавіч.

1953 г.

З 1950 – 1951 вучэбнага года адкрыліся восьмыя класы, школа пачала пераўтварацца ў сярэднюю. У гэтым жа годзе пачалося будаўніцтва двухпавярховага каменнага будынка, якое было закончана ў 1952 годзе. Новая школа забяспечана ўсім неабходным для паспяховай вучобы. Будынак добраўпарадкаваны, забяспечаны мэбляю, маецца дастатковая колькасць наглядных дапаможнікаў. Пры школе ёсць агароджаны зямельны ўчастак агульнай плошчай 4 га. Школьная бібліятэка мае больш 2 тысяч толькі мастацкай і дзіцячай літаратуры. Маюцца някепска абсталяваныя фізічны і хімічны кабінеты, кабінет машынавядзення, сталярная і слясарная майстэрні з неабходным абсталяваннем і камплектамі інструментаў. Пабудавана школьная электрастанцыя, якая забяспечвала школьны будынак святлом. Дадзены будынак школы функцыянуе і па сённяшні дзень, у ім размешчаны дзіцячы садок, музей, займаюцца вучні пачатковых классаў.

З 1951 па 1959 год –  дырэктарам   Валеўскай СШ  працуе Скарабагацька Васілій Максімавіч. Першы выпуск сельскай сярэдняй школы адбыўся ў чэрвені 1953 года – 19 юнакоў і дзяўчат атрымалі атэстаты сталасці. Усе яны закончылі вышэйшыя або сярэдне спецыяльныя навучальныя ўстановы і плённа працавалі ў розных сферах народнай гаспадаркі. У школе працавалі Заслужаныя настаўнікі БССР: В.П.Ускоў, М.Ф.Петрыкевіч, Г.А.Явоста.

1955 год . Перабудова сістэмы народнай асветы паставіла настаўнікам савецкай школы перад неабходнасцю шукаць дзейсныя формы сувязі школы з жыццём.

Шматгадовая практыка работы савецкай школы паказвае, што адной з самых эфектыўных форм сувязі навучання з камуністычным будаўніцтвам стала краязнаўчая работа. Так у творчай групы настаўнікаў (Урбановіч Уладзімір Аляксандравіч, Петрыкевіч Міхаіл Фёдаравіч) узнікла думка стварыць школьны краязнаўчы музей. Усе пачыналася з маленькага пакойчыка, з невялікай колькасцю экспанатаў. Краязнаўчая работа захапіла вучняў, якія актыўна падключыліся да збору звестак аб паходжанні роднай вескі, гісторыі развіцця і станаўлення школы, калгаса… Так з’явіліся першыя экспанаты: грыфільная дошка, катомка, з якой хадзілі ў школу, падручнікі, рэчы з сялянскага абыходу.  У 1968 годзе гісторыка-краязнаўчаму музею было прысвоена званне Народнага. Зараз у склад музея уваходзяць сем аддзелаў: гісторыі, гісторыі школы і калгаса, аддзел прыроды, літаратурны, аддзела праваслаўнага краязнаўства і этнаграфічны.

З 1959 па 1981 год дырэктарам Валеўскай СШ працуе Бондар Васілій Піліпавіч.

Школьная моладзь кожнае лета з рукзакамі за плячамі ахвотна вандруе па прасторах роднай краіны, каб адпачыць, больш пабыць на сонцы і паветры, часцей купацца, загартоўваць сябе і рухацца, рухацца ўсё ўперад і ўперад, глыбей пазнаваць нашу родную старонку, папаўняць свае веды і ўражанні. Вось чаму школьны турызм з кожным годам станавіўся ўсё больш масавым і папулярным. У далёкім 1960 годзе адбыўся першы школьны турыстычны злёт. Дадзены рух настолькі захапіў вучнёўскую моладзь, што праз некалькі гадоў быў зацверджаны нагрудны знак валеўскіх турыстаў, складзены марш, якімі карыстаюцца і сённяшнія вучні.

Кожны навучальны год ужо 51 раз завяршаецца турыстычным злётам на возеры Свіцязь.

У 1960 годзе у школе закладзены парк-дэндрарый. У 2003 годзе школьны парк-дэндрарый стаў членам Беларускай асацыяцыі садоў, паркаў і паркаў-дэндрарыяў.

У 1966 годзе ў школе пачынае працаваць школьнае лясніцтва, у ім аб'яднана 37 вучняў 5-8 класаў. Работай лясніцтва кіруе савет, які складаецца з 9 чалавек.

За школьным лясніцтвам замацавана 281 га лесу ў Свіцязянскім ландшафтным  заказніку. Тэрыторыя гэта разбіта на 4 участкі і 16 абыходаў. На рахунку юных лесаводаў шмат карысных спраў: штогадовая ачыстка лесу ад захламленасці на плошчы 30 - 40 га; ачыстка зоны адпачынку на ўзбярэжжы возера; феналагічныя назіранні за гідраметэаралагічнымі з'явамі і з'явамі ў свеце раслін; пасадка лесу штогод на плошчы 7 - 8,5 га; прасвятленне ў лесапасадках; збор насення дзікарослых раслін для падкормі птушак; нарыхтоўка зялёных венікаў; агароджванне мурашнікаў; збор лекавай сыравіны.

У 1991 годзе  Шымка А. Ю. і вучаніцы 8 класа Машчонская І., Ускова Ю. з’яўляліся лаурэатамі УВДНГ СССР, дзе падзяліліся вопытам работы школьнага лясніцтва і па экалагічнаму выхаванню і навучанню ў сельскай школе.

З гадамі павялічвалася колькасць вучняў і старая школа, не магла прыняць у сваіх сценах усіх школьнікаў. У 1980 годзе быў пабудаваны новы трохпавярховы будынак школы на 320 вучнёўскіх месцаў. З 1981 года школу ўзначальвае выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Санько Нэля Канстанцінаўна. 

У 1982 годзе ў школе пачаў працаваць філіял дзіцячай спартыўнай школы, які выхаваў шмат прызёраў раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, 1984 – 1988 гады – школа працуе ў рэжыме падоўжанага дня, у 1985 годзе выпускнікі школы сталі атрымоўваць правы трактарыста-машыніста 3-га класа.

1988 год  – школа ўдзельнік Рэспубліканскага эксперыменту па паглыбленай падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых для аграпрамысловага комплекса. Вучнёўска вытворчая брыгада стала структурным падраздзяленнем калгаса “Свіцязь” і працуе круглы год. У яе саставе – звенні жывёлаводаў, паляводаў, механізатараў і рамонтна-будаўнічае. За ёй замацавана 53 гектары зямлі. Вырошчваюць вучні моркву, буракі, бульбу, лён і ячмень. Вельмі добра працуюць члены жывёлагадоўчага звяна. Яны даглядаюць цялят. Рабочы дзень юных жывёлаводаў пачынаецца ў 7 гадзін 30 мінут.

Вялікую дапамогу аказваюць калгасу вучні на ўборцы ўраджаю. Яны працуюць памочнікамі камбайнераў, трактарыстаў, на збожжатаках. Акрамя сельскагаспадарчых работ на калгасных палетках, знаходзіцца многа іншых спраў. Вучні рамантуюць школу, збіраюць лекавыя расліны, дапамагаюць ветэранам вайны.

Прадукцыйная праца ў брыгадзе спалучаецца з даследніцкай работай. Члены брыгады выконваюць навучальныя заданні па прадметах: вызначаюць пасяўныя якасці насення, вылічваюць плошчу зямельнага ўчастка, норму ўнясення ўгнаенняў, дзённы заработак. Чысты прыбытак ад рэалізацыі ўраджаю, вырашчанага членамі брыгады, склаў каля 15 тысяч рублёў.

Наша вучнёўская брыгада многім былым выпускнікам школы дала пуцёўку у прафесію, за апошнія тры гады больш 30 выпускнікоў прыйшлі працаваць у калгас.

У 1993 годзе  пачаў працаваць філіял Любчанскай музычнай школы.

З 1999 па 2008 гады   школа працуе з агульнаэстэтычным ухілам. Вызначыўшы эстэтычны ўхіл, педагагічны калектыў распрацаваў і прыняў праграму “Прыгажосць выратуе свет”, як аснову выхавання вучняў. У пачатковай і базавай школе стаў выкладацца курс этычная граматыка па методыцы А. Шамшурынай, распрацавана сістэма выхаваўчых гадзін на маральную тэматыку, для старэйшых вучняў уведзены курс Сусветная мастацкая культура. З’явіліся кабінеты СМК і рытмікі.

2000 год – школа ўзнагароджана дыпломам III ступені у рэспубліканскім конкурсе на лепшую беларускую вясковую школу.

2000 год – Дыплом I ступені упраўлення адукацыі Гродзенскага абылвыканкама “Лепшая пастаноўка работы па эстэтычнаму выхаванню дзяцей і моладзі”.

У 2006 годзе школа рэарганізавана ў школу-сад,  а з снежня 2009 года – Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Валеўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя агульнаадукацыйная школа”.

З верасня 2011 года – Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Валеўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”,  а з  верасня 2022 года - Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Валеўская сярэдняя школа"

З 1968 па 2011 гады школу наведалі: А Куляшоў, П. Глебка, Я. Брыль,          М. Танк, Б. Сачанка, А. Вярцінскі, П. Макаль, М. Гіль, А. Кудравец, А. Бажко, П. Броўка, У. Караткевіч, Р. Шырма, І. Лучанок, І. Міцкевіч (родны брат Я. Коласа), В. Стражаў.

За 61 год сярэднюю адукацыю ў Валеўскай школе атрымалі 2068 выпускнікоў. 46 выпускнікоў закончылі школу з залатым медалём, 55 - з сярэбраным.

 

Школа ўчора і сёння

 

падзяліцца ў: