Як здаровы лад жыцця дапамагае нам вывучаць сваю малую радзіму
Здароўе - гэта наш дар. Таму неабходна берагчы і захоўваць яго з ранняга дзяцінства любымі метадамі. Здаровы лад жыцця для дзяцей - галоўны фактар фізічнага і маральнага развіцця дзіцяці, яго гарманічнага існавання ў грамадстве.
У наш час усё больш людзей выбіраюць для сябе актыўны занятак спортам, турызмам, якія з'яўляюцца залогам здароўя, добрага самаадчування, выдатнага настрою. Адным з галоўных складнікаў здаровага ладу жыцця мы лічым пешы турызм, да якога імкнёмся далучаць нашых вучняў. Свежае паветра, рухальная актыўнасць, бадзёры настрой, узаемадапамога і заўсёды станоўчы эмацыянальны стан. Таму экскурсіі і паходы сталі для нашага 4-га класа своеасаблівым хобі, бо гэта не толькі добры метад вывучэння гісторыі роднага краю, але і выдатны спосаб выхавання і згуртавання калектыву.
Малая радзіма – гэта найдаражэйшая мясцінка, дзе стаіць родная хата, дзе жывуць твае сябры, аднавяскоўцы. Нас зацікавіла гістарычная і культурная спадчыны нашай мясцовасці, і мы склалі свой экскурсійны маршрут, які назвалі “Свіцязянскі пярсцёнак”. Ён ўключае наведванне былой сядзібы маёнтка Чамброў, нашу святыню – Петра-Паўлаўскую царкву і возера Свіцязь, апетае Адамам Міцкевічам.
Вось тут, як кажуць, і сапраўды, мінуўшчына з сучаснасцю сышліся. Маёнтак Чамброў. Чым ён адметны? Наш школьны народны гісторыка-краязнаўчы музей падтрымлівае цесныя сувязі з выхадцамі маёнтка Чамброў Іаанай Пухальскай, праўнучкай хроснай маці Адама Міцкевіча, і Багданам Булгакам. Даследчыкі лічаць, што правобразам Сапліцова з паэмы “Пан Тадэвуш” падаецца сядзіба Узлоўскіх-Карповічаў у Чамброве. Тады, у пачатку XIX стагоддзя гаспадаром тут быў Ігнацій Узлоўскі, Да шлюбу з Мікалаем Міцкевічам у Чамброве пражывала Барбара Маеўская, маці Адама Міцкевіча.
На сёння ўдалося захавацца архіву, які знаходзіцца ў Польшчы, ды капліцы з фігурай Хрыста, якая была адноўлена і ўрачыста адкрыта ў верасні мінулага года. У ходзе паходу ў нас узнікла ідэя адрадзіць сядзібу Чамброў і стварыць там музей. У пакоях размясціць габелены, партрэты, бібліятэку, якімі славіўся маёнтак у свой час. І я ўжо ўяўляю, як спрытна бягуць коні з былой, цяпер алноўленай стайні і цешаць жадаючых конных прагулак прыгожымі краявідамі ваколіц Чамброва і возера Свіцязь. Мы, вучні мясцовай школы, гатовы ўнесці свой пасільны ўклад у ажыццяўленне нашай прапановы па адраджэнню памятнай нам мясціны.
З такімі, на наш погляд, рэальнымі марамі мы направіліся да Петра-Паўлаўскай царквы. На парозе храма гасцінна сустракае нас настаяцель а. Аляксандр і пачынае свой аповяд:
– Наш храм не толькі з’яўляецца самай вялікай славутасцю Валеўкі, а таксама вельмі важным архітэктурным, культурным і гістарычным помнікам рэспубліканскага значэння. Гэта ўнікальная драўляная царква XVII ст., пабудаваная ўвогуле без цвікоў. Аднак самае неверагоднае, што за свае 335 гадоў храм ні разу не закрываўся. Шмат вядомых людзей бывала ў Валеўцы і нашым храме. Сярод іх Уладзімір Караткевіч, які любіў падоўгу сядзець перад іканастасам. Дарэчы, гэта яшчэ адна ўнікальная асаблівасць нашага храма – пазалочаны іканастас работы школы знакамітага рускага мастака Віктара Васняцова. Сапраўды, у нашым храме можна адчуць святасць Прападобнай Еўфрасінні, цудатворнай іконы «Пачаеўская», духоўную падтрымку Спірыдона Трыміфунтскага і Мікалая Цудатворцы. Мы, маленькія прыхажане, з любоўю дагалядаем могілкі святароў, якія ў розныя часы служылі ў царкве і павахаваны каля храма.
Пасля такой цікавай і важнай сустрэчы, мы з благаславення бацюшкі напраўляемся да нашай жамчужыны – возера Свіцязь. Наш экскурсавод – ляснічы Навагрудскага лясгаса Каралько А.М., выпускнік нашай школы, вялікі знаўца і сябар лесу.
Вельмі цікава было дазнацца, што наш заказнік займае плошчу ў 1194 га. Тут расце 22 віды раслін, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. На яго тэрыторыі – возера Свіцязь з незвычайна чыстай і празрыстай вадой, скрозь тоўшчу якой бачны белы пясок на дне. Хіба не дзіва?
Цікава было даведацца, што само возера акруглай формы, глыбінёй да 15 метраў. Дно ў возеры пясчанае, а вада крыштальна-чыстая. На паўночным беразе Свіцязі знаходзяцца помнікі прыроды – векавыя дубы, а на паўднёвым – курганы, у якіх пахаваны нашы продкі.
Але самым загадкавым з’яўляецца тое, што ў Свіцязі знойдзены рэдкія расліны: лабелія дортмана, наяда гібкая, палушнік азёрны, прыбярэжнік аднакветкавы. А самай загадкавай раслінай з’яўляецца тэтрадэніум яванікум, які ёсць яшчэ толькі на востраве Ява. Ці малюск планорбіс, які водзіцца ў азёрах Францыі, Бельгіі і Германіі. Як яны трапілі да нас? Гэта загадка яшчэ да канца не разгадана. Таму пра наша возера складзена шмат легендаў. Паводле адной з іх, на месцы возера быў горад Свіцязь, якім кіраваў князь Туган. Калі на Навагрудак напалі ворагі, князь Міндоўг звярнуўся да суседа за дапамогай. Туган сабраў войска і рушыў да Навагрудка, пакінуўшы ў сваім гора¬дзе толькі старых, жанчын і дзяцей. Гэтым скарысталіся ворагі і пайшлі на штурм. Жыхары горада сталі маліцца, каб не трапіць у палон. Пачулі нябёсы тую малітву: апусціўся на горад белы туман, а калі ён разышоўся, на месцы горада апынулася цудоўнае возера. Усе жыхары ператварыліся ў кветкі, а калі ворагі дакраналіся да іх, то адразу паміралі.
А напрыканцы нашай экскурсіі да нас далучылася дырэктар заказніка Кацярына Літвін, таксама выпускніца нашай школы, якая паведаміла, што на беразе Свіцязі пабудавалі эколага-інфармацыйны цэнтр для дзяцей «Прыгоды ля возера», дзе можна сустрэцца з казачнымі героямі. А зусім непадалёку гасцінна расчыніў свае дзверы санаторый “Свіцязь”.
Сардэчна запрашаем: Прыязджайце! Душой адпачывайце! Здароўе папраўляйце!