Дзіцячы траўматызм

Дзіцячы траўматызм: прычыны і як яго пазбегнуць?

   Штогод вялікая колькасць дзяцей становіцца ахвярамі надзвычайных сітуацый, з прычыны свайго няведання і легкадумнасці, а часцей за ўсё, па недаглядзе бацькоў. Дарослыя, пакідаючы дзяцей без нагляду, проста не задумваюцца аб тым, што можа адбыцца бяда. А менавіта за гэтыя, кароткія хвіліны, здараюцца трагедыі, часам непапраўныя.

   Лічбы статыстыкі не могуць пакінуць абыякавым ніводнага дарослага чалавека: ад знешніх прычын штогод гінуць больш за 100 дзяцей, а траўміруецца ў разы больш. Атручэнні, праглынанне іншародных прадметаў, выпадзенне з вокнаў, пажары, дарожна-транспартныя здарэнні - гэта далёка не поўны пералік сітуацый, якія могуць прывесці да трагедыі.
У аператыўнай зводцы ратавальнікаў таксама шмат здарэнняў, звязаных з гібеллю і траўматызмам дзяцей.

   Днём 1 жніўня недалёка ад аграгарадка Дубай Столінскага раёна адбылася трагедыя са смяротным зыходам: 12-гадовага хлопчыка засыпала грунтам у неэксплутаваным пясчаным кар'еры. Высветлілася, што двое хлапчукоў ігралі на пясчаным насыпе. У нейкі момант грунт абрынуўся на аднаго з іх. Другі пабег за дапамогай. Ратавальнікі і мясцовыя жыхары дасталі хлопчыка, які знаходзіўся без прытомнасці. Работнікі МНС правялі рэанімацыйныя мерапрыемствы. Дапамагчы спрабавалі і медыкі, якія пазней канстатавалі смерць дзіцяці.

   У структуры ўсяго дзіцячага траўматызму бытавыя траўмы - самая распаўсюджаная з'ява. На іх долю прыпадае каля 70 працэнтаў усіх няшчасных выпадкаў. Менш за ўсё траўмаў зарэгістравана ў дзяцей першага года жыцця, з 2 да 6 гадоў траўматызм павялічваецца больш як у 3 разы, а максімальны ўзровень адзначаецца ў падлеткаў.

   Траўматызм дзяцей, асабліва ў раннім узросце, шмат у чым залежыць ад адсутнасці належнай пільнасці бацькоў, недастатковага ведання імі псіхафізіялагічных асаблівасцяў і фізічных магчымасцяў сваіх дзяцей.
Дзіцячы траўматызм з'яўляецца важнай праблемай сучаснага грамадства, і найлепшае рашэнне па яго прадухіленні - прафілактыка. Ведаючы найбольш частыя прычыны траўм і няшчасных выпадкаў, бацькі павінны стварыць для дзіцяці траўмабяспечнае асяроддзе знаходжання, расказваць, якую рызыку для здароўя ўяўляюць траўмы, навучыць правілам бяспекі. Вельмі важны асабісты прыклад паводзін старэйшых чальцоў сям'і на вуліцы і хаты, выкананне правіл імі ў паўсядзённым жыцці.

   Бацькі! Менавіта вы павінны паклапаціцца аб бяспецы сваіх дзяцей: не важна, колькі гадоў вашаму дзіцяці, важна, што вы зрабілі для таго, каб навучыць дзіця бяспечным паводзінам!

   У хаце (кватэры) звернеце адмысловую ўвагу на месцы падвышанай небяспекі: кухня, ванны пакой, месцы захоўвання бытавой хіміі, не пакідайце дзіця аднаго ў пакоі з адчыненым акном. Ніколі не пакідайце ў зоне даступнасці дзіцяці лекі, бытавую хімію, элементы харчавання, запалкі, а таксама колючыя і рэжучыя прадметы.

   І яшчэ некалькі парадаў:

  • прыводзьце прыклады, расказвайце пра небяспекі, тлумачце і нагадвайце пра бяспеку;
  • калі ў вас дзіця дашкольнага ўзросту, глядзіце з ім мультфільмы па бяспецы, чытайце кнігі;
  • прагаворвайце правілы бяспекі па дарозе ў сад, у школу: прыводзьце прыклады, параўноўвайце сітуацыі з жыцця з тымі, у якія трапляюць казачныя героі, рабіце разам высновы і замацоўвайце атрыманыя веды;
  • падаючы дзіцяці школьнага ўзросту самастойнасць, разумна кантралюйце яго;
  • дзецям старэйшага школьнага ўзросту таксама трэба нагадваць аб бяспецы, бо юнацкі максімалізм і празмерная ўпэўненасць прыводзяць да трагедый;
  • заўсёды нагадвайце дзецям правілы бяспекі перад пачаткам і ў перыяд канікулаў, бо менавіта гэтымі днямі колькасць траўмаў узрастае.

   Запомніце, выхоўваючы дзіця і прывіваючы яму неабходныя навыкі бяспечных паводзін у побыце, першым чынам вы самі павінны паказваць годны ўзор паводзін.

   А карысную інфармацыю і наглядную прадукцыю па навучанні дзяцей асновам бяспекі жыццядзейнасці вы можаце знайсці ў раздзелах інтэрнет-партала МНС "Будзь гатовы!", "Мультымедыя па АБЖ" і на ютуб-каналах "МНС Беларусі" і "МНС Беларусі дзецям".

   Беражыце сябе і будзьце ў бяспецы!

падзяліцца ў: