Імяніны роднай мовы. Міжнародны дзень роднай мовы

21.02.2023

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года. Cёння у свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Дзень роднай мовы штогод урачыста і святочна адзначаецца ў нашай установе адукацыі.
“З прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах
Вітайцеся з кожным па-беларуску!”
Менавіта такім заклікам сустрэў нас сённяшні школьны ранак. Дарэчы, толькі за адно шчырае з усмешкай прывітанне на роднай мове можна было атрымаць салодкі беларускі пачастунак і адчуць смак роднай мовы! Бо сэнс гэтага свята – заахвочванне моўнай прыгажосці і разнастайнасці, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на адвечных моўных скарбах. Мова – душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны здабытак. Жыве мова – жыве народ. Нашы продкі – бацькі, дзяды і прадзеды – нямала зрабілі для таго, каб наша родная мова была прызнана роўнай сярод іншых моў свету. Беларуская мова – самая мілагучная пасля італьянскай. Так вырашылі эксперты ЮНЭСКА. Гісторыкі сцвярджаюць, што яна яшчэ і самая старажытная сярод славянскіх моў.
У дзень роднай мовы вучні нашай установы адукацыі сталі ўдзельнікамі літаратурнай кампазіцыі “Не пакідайце ж мовы роднай…”, у якой прынялі актыўны ўдзел вучні розных узростаў. Яны з пяшчотай і замілаваннем чыталі вершы класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Танка. Наколькі наша мова жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная пераканалі нас юныя чытальнікі, якія радрыхтавалі і зрабілі відэазапіс чэленджа па творы Л.Геніюш “Мая мова”. А яшчэ з вялікім энтузіазмам настаўнікі, супрацоўнікі школы, вучні і іх бацькі прынялі ўдзел у Гродзенскім абласным дыктанце.
Сёння нашу мову можна лічыць імянінніцай. У такія святы звычайна віншуюць імяніннікаў прыгожымі паштоўкамі са словамі пажадання. Зрабілі гэта вучні 6-га класа. Акрамя слоў пажаданняў наша мова-імянінніца атрымала і мноства кампліментаў!
Спадзяюся, што шчырыя, сардэчныя і цёплыя словы матчынай мовы будуць гучаць з нашых вуснаў і ўпрыгожваць жыццё. Мы павінны заставацца яе носьбітамі. Дык давайце будзем берагчы яе, родную, непаўторную, вывучаць і карыстацца ёю! Хай заўсёды гучыць мова продкаў, мова роднай зямлі, унікальная, мілагучная, песенная і паэтычная, ласкавая, цёплая, шчырая… свая!