Тыдзень роднай мовы. Дзень пяты

23.09.2022

Апошні дзень, прысвечаны нашай любімай роднай мове, таксама быў песенным, лірычным і натхнёным – гэта  агульнае ўражанне  гасцей і ўдзельнікаў творчай  імпрэзы – літаратурнай гасцёўні пад назвай “З легендаў і казак былых пакаленняў…”, прысвечанай 110-гадоваму юбілею з дня нараджэння Максіма Танка, мастака невычарпальна багатага таленту з ярка лірычным дараваннем. У незвычайна святочнай, рамантычнай абстаноўцы адбылося знаёмства вучняў старэйшых класаў з жыццём і творчасцю нашага нацыянальнага паэта. Пранікнёна гучалі радкі вершаў, прысвечаныя Бацькаўшчыне, мове, прыродзе роднага краю, якія зачароўваюць, натхняюць, узбагачаюць і неяк асабліва шчыра вучаць любіць сваю Радзіму.

Актыўна на працягу дня дзеці ўключаліся ў прэзентацыю сваіх віншавальных паштовак “Пажаданні роднай мове”,  у якіх прызнаваліся ў любові да беларускага слова, жадалі сваёй  мове квітнець і ўзбагачацца!

Прыгожым і арыгінальным завяршэннем тыдня стаў марафон беларускіх песень пад крэатыўнай назвай “Мова родная – мова модная”. Больш за ўсіх авацый дасталося песні “Я – дзяўчыначка-беларусачка” у выкананні вучаніцы 10 класа Яўгеніі Скрундзь.

Нечаканым падарункам для нас стаў майстар-клас ад супрацоўнікаў Навагрудскага тэлебачання Нова-ТВ, падчас якога юныя карэспандэнты нашага школьнага тэлецэнтра  вучыліся прафесійна здымаць рэпартажы ў тым ліку і  пра наш тыдзень роднай мовы.

Хацелася, каб і дарослыя, і дзеці глыбей усвядомілі: яны беларусы, у іх ёсць свая мова, непаўторная, мілагучная, якую трэба ведаць і шанаваць, каб пакінуць у спадчыну сваім дзецям.