Тыдзень роднай мовы. Дзень трэці

21.09.2022

ТРЭЦІ ДЗЕНЬ ТЫДНЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЛІТАРАТУРЫ

ЯК ТЫ ДОРАГА МНЕ, МАЯ РОДНАЯ МОВА!

Я па літарах родных вучыўся чытаць,

І буквар для мяне быў жыцця палавінай.

Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць

Першы раз: “Беларусь, мая сонца-краіна!”

Гэтыя прыгожыя, звонкія радкі народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча прысвечаны нашай роднай мове. Мове, на якой размаўляем мы з вамі, мове нашых бацькоў і дзядоў, мове, гісторыя якой няпростая і незвычайная, мове, якой прычвечаны трэці дзень тыдня роднай мовы, які распачаўся з конкурсу творчых работ “За што я люблю родную мову”, дзе вучні шчыра выказвалі свае думкі, прызнаваліся ў любові да роднага слова.

“Беларуская мова прыгожая і незвычайная. Колькі цудоўных твораў напісана на гэтай мове. Беларускай мовай нельга не захапляцца, бо з дапамогай яе можна перадаць усю прыгажосць навакольнага свету, свае мары і перажыванні” – напісала вучаніца 9 класа Чубрык А.

 “Наша родная мова – наш гонар. Яна перажыла цяжкія часіны ў гісторыі, але яна выжыла. За кожным словам стаіць жыццё, надзеі, пакуты і запавет нашых продкаў. Нашу мову трэба берагчы” – так лічыць Мурашка А.

“ Наша мова – самае каштоўнае, што ў нас ёсць. Кожны грамадзянін павінен ведаць сваю родную мову. Я лічу нашу мову прыгожай, самай пяшчотнай, пявучай, вобразнай, шчырай. Любіце і шануйце сваю родную мову!” – з такім заклікам звярнуўся да ўсіх нас Гурэцкі Ілья.

Вучань 7 класа Яўсей Мікіта прыняў актыўны удзел у рэспубліканскай анлайн-акцыі “Мая родная мова, ганаруся табой”, выступіўшы з дэкламацыяй урыўка з паэмы Я.Коласа “Новая зямля”.

Малодшыя школьнікі падчас работы інтэрактыўнага тэматычнага прыпынку “Смак роднай мовы” не толькі вывучылі і запомнілі ўсе назвы нашых беларускіх ягад, але і пакаштавалі іх на смак.