Тыдзень роднай мовы. Дзень другі

19.09.2022

Тыдзень роднай мовы . Другі дзень.

 Мы – беларусы, бо нарадзіліся ў Беларусі… А ці дастаткова гэтага? Канешне не, каб назваць сябе беларусам, трэба значна больш, чым проста нарадзіцца тут. Бясспрэчна, мы павінны ведаць гісторыю і культуру свайго народа, але, па-першае, мы павінны ведаць нашу родную беларускую мову. Моўная культура беларускага народа надзвычай багатая i самабытная. Яна ўвасоблена ў поўных чароўнага хараства песнях, у афарбаваных міфічнасцю легендах, паданнях, мудрых прыказках, у адмысловых загадках. Таму невыпадкова добрым працягям нашага прадметнага тыдня стала квэст-гульня “Фальклор, фальклор – душа народа”, якая садзейнічала  далучэнню вучняў розных узростаў да беларускай нацыянальнай культуры праз творы вуснай народнай творчасці , якія змалку ўваходзяць у дзіцячае жыццё, каб застацца там назаўсёды. Бо менавіта  на прыкладзе знаёмых вобразаў праз казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі, прыкметы, павер’і, праз іх нескладаныя сюжэты, якія  перадаюць жыццёвы вопыт і маральна-практычную філасофію народа,  выхоўваецца  вера ў дабро, справядлівасць, раскрываюцца маральна-этычныя погляды беларусаў, што так сугучна  выхаванню пачуцця патрыятызму.

          “У жывой душы жыве дзівоснае дзіва... Дзіву гэтаму імя – чароўнае слова”, – так прыгожа сказаў беларускі паэт-франтавік Антон Бялевіч. Так, слова – сапраўднае дзіва, таму. Што словам можна выказаць усё, аб чым чалавек думае, марыць.  У гэтым мы яшчэ раз пераканаліся падчас стварэння калектыўнага воблака слоў “Маё любімае слова па-беларуску”.

 А дашкольнікі і вучні пачатковых класаў адправіліся ў чароўнае  падарожжа пад назвай “Казку ўзгадаеш – прыз атрымаеш”, дзе кожны меў магчымасць праявіць сваю эрудыцыю ў веданні беларускіх народных казак. Усе без выключэння паказалі актыўнасць і кемлівасць, таму ніхто не застаўся без салодкіх прызоў.