Першы дзень тыдня роднай мовы

16.09.2022

ЯК ТЫ ДОРАГА МНЕ, МАЯ РОДНАЯ МОВА!

Як ты дорага мне, мая родная мова! Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова! Я па літарах родных вучыўся чытаць, I буквар для мяне быў жыцця палавінай. Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць Першы раз: «Беларусь, мая сонца-краіна!» Ніл Гілевіч

 

Пад такой яскравай назвай распачаўся сёлета тыдзень беларускай мовы. Як трапна і ўсеабдымна сказаў паэт!  І сапраўды, мова – не проста сродак зносін, з дапамогай якога людзі наладжваюць сувязі, абменьваюцца інфармацыяй, яна — своеасаблівае люстэрка жыцця народа, яго грамадскага i культурнага развіцця.

Беларуская мова ў нашай установе адукацыі займае самае пачэснае месца, таму Тыдзень беларускай мовы і літаратуры – гэта жаданне і магчымасць усіх і кожнага ячшэ раз выказаць сваё шанаванне “мілагучнаму, звонкаму, спеўнаму слову”. Святочны настрой нашаму мерапрыемству надаюць з любоўю аздобленыя тэматычныя выставы і фотазоны, цэлы тыдзень на перапынках будзе гучаць прыгожая беларуская музыка.

З нашым Свіцязянскім краем цесна звязаны жыццёвы і творчы шлях выдатнага паэта  Адама Міцкевіча. Таму невыпадкова напачатку  нашага тыдня настаўнікі разам з вучнямі 6-7 класаў яшчэ раз наведалі мясціны, дзе нарадзіўся, быў шчаслівы і пакінуў сваё сэрца наш славуты зямляк, геній чалавецтва. Яго слава і справа і сёння служаць гонарам беларускага народа, прыкладам самаахвярнага служэння Айчыне. Завоссе стала месцам сумеснай памяці суседніх з намі народаў, якія таксама лічаць Міцкевіча сваім нацыянальным паэтам, таму што месца ў гістарычнай спадчыне не патрабуе змены дзяржаўных меж, а наадварот, з’яўляецца добрай падставай для паразумення і дабрачыннасці. Адам Міцкевіч не дзеліць нас, а аб’ядноўвае.