Экатыдзень для дашкольнікаў

27.06.2022

Экатыдзень для дашкольнікаў

Лета ў дзіцячым садзе - гэта не толькі час адпачынку, разнастайнай фізкультурна-аздараўленчай і мастацка - эстэтычнай дзейнасці, але і час цікавых і займальных назіранняў у прыродзе.
У рознаўзроставай групе  прайшоў "Экатыдзень", кожны дзень якога меў сваю назву.
Пачаўся "Экатыдзень" з" Дня птушак". У гэты дзень дзеці наведалі "Паляну птушак" у школьным парку-дэндрарыі, паслухалі прыгожыя спевы птушак, а затым адбыўся конкурс "Хто больш адгадае загадак пра птушак?".
У дзень жывёл і насякомых гулялі ў дыдактычныя гульні, паказалі свае акцёрскія здольнасці ў драматызацыі казкі "Церамок", будавалі "заапарк", удзельнічалі ў даследаванні-параўнанні "Мурашы (матылі, жукі) - гэта жывёлы?".
Не менш змястоўнымі былі наступныя дні: "Блакітны дзень-дзень вады" і "Дзень Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь". Але асабліва запомніцца дашкольнікам "Зялёны дзень - дзень раслін". Справа ў тым, што ў гэты дзень мы высадзілі на ўчастку дзіцячага садка маленькія саджанцы піхты, якія выгадавалі самі з насення. Гэты эксперымент доўжыўся амаль год. Цяпер кожны дзень дзеці іх паліваюць, размаўляюць з імі, нават жадаюць саджанцам расці хутчэй.
Усе гэтыя дні, такія розныя па тэме, былі аб'яднаны адной мэтай: комплекснае аздараўленне і выхаванне экалагічна граматнага, сацыяльна актыўнага дашкольніка праз фарміраванне эмацыянальна-каштоўнаснага стаўлення да навакольнага асяроддзя, навучанне простым метадам даследаванні ў прыродзе і прывіццё жадання прымнажаць яе багацця.