![]() |
Беларуска-расійскія адукацыйныя праекты, патрыятычныя форумы і акцыі, спартыўныя спаборніцтвы, творчыя конкурсы ўжо даўно сталі неад'емнай часткай моладзевай палітыкі Саюзнай дзяржавы. З кожным годам супрацоўніцтва нашых краін у гэтым напрамку становіцца толькі мацнейшым. Цяпер для моладзі ў саюзнай прасторы створана як ніколі шмат магчымасцей і перспектыў, наладжаны прамы дыялог з органамі ўлады. Усё гэта ў чарговы раз даказвае: механізмы інтэграцыі паспяхова працуюць, і іх вынікі бачныя адразу. |
У чэрвені 2025 года мы адзначылі 30-годдзе з моманту заключэння пагаднення паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі аб супрацоўніцтве ў галіне моладзевай палітыкі. Менавіта гэты дакумент задае прыярытэты моладзевай палітыкі Саюзнай дзяржавы. Бакі дамовіліся прыцягваць юнакоў і дзяўчат да супрацоўніцтва ў галіне эканомікі, экалогіі, аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту і турызму. У апошнія гады спіс гэтых напрамкаў значна пашырыўся, у першую чаргу за кошт мерапрыемстваў, звязаных з патрыятычным выхаваннем.
Захаванне гістарычнай памяці, асабліва ва ўмовах сучасных пагроз і выклікаў, - адзін з найважнейшых прыярытэтаў для нашых краін. На гэтым не раз акцэнтавалі ўвагу кіраўнікі дзяржаў. Праектная дзейнасць спрыяе выхаванню грамадзяніна-патрыёта, чалавека актыўнага і нацэленага на захаванне гістарычнай памяці. Моладзь Навагрудка актыўна ўдзельнічае ў праектах і ініцыятывах саюзнай дзяржавы Беларусь-Расія.
Адно з самых маштабных і запамінальных патрыятычных мерапрыемстваў на постсавецкай прасторы – міжнародны патрыятычны культурна-адукацыйны праект «Цягнік Памяці». Ён ініцыяваны старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталляй Качанавай і старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка і рэалізуецца пры актыўным садзейнічанні Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Праект накіраваны на аб'яднанне моладзі краін СНД, фарміраванне паважлівага стаўлення да гістарычнай памяці брацкіх народаў, знаёмства з гісторыяй і месцамі баявой славы, культурай і традыцыямі суседніх дзяржаў.
Праект «Цягнік Памяці» сапраўды ўнікальны. Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падчас пасяджэння арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні ў 2025 годзе сумеснага беларуска-расійскага патрыятычнага культурна-асветніцкага праекта «Цягнік Памяці»: «Хлопцаў і дзяўчат аб'ядноўвае наша слаўная гісторыя. Мы бачым, як сёння некаторыя палітыканы імкнуцца перапісаць нашу гісторыю: хто перамог, хто адстаяў свабоду і незалежнасць. Вядома, мы павінны зрабіць усё для таго, каб памяць, сапраўдная праўда пра Вялікую Перамогу захоўвалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Гэта наш абавязак, наш святы абавязак перад загінулымі».
У рамках праекта старшакласнікі з Беларусі, Расіі і краін СНД штогод здзяйсняюць двухтыднёвае падарожжа на спецыяльным цягніку па гарадах і месцах, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Маршрут і праграма мерапрыемства штогод мяняюцца.
У 2022 годзе ў праекце ўзялі ўдзел па 100 школьнікаў з Беларусі і 100 з Расіі і 50 суправаджаючых. За 15 дзён наведалі некалькі гарадоў абедзвюх краін: Брэст, Гродна, Віцебск, Смаленск, Ржэў, Вязьма, Кубінка, Масква, Санкт-Пецярбург, Вялікі Ноўгарад, Пскоў, Орша, Магілёў, Гомель, Мінск. Школьнікі азнаёміліся з асноўнымі падзеямі часоў Вялікай Айчыннай вайны ў населеных пунктах, да якіх быў прывязаны маршрут цягніка, сустрэліся з ветэранамі, наведалі музеі, сталі ўдзельнікамі многіх асветніцкіх і культурных мерапрыемстваў.
Гэта быў пілотны праект, у якасці важатай на «Цягніке Памяці» ўдзельнічала Крынская Святлана Вячаславаўна, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «ДАР», куратар Моладзевага парламента пры Навагрудскім раённым Савеце дэпутатаў. Сярод пасажыраў «Цягніка Памяці» былі навучэнцы Навагрудка, для якіх праект стаў унікальным вопытам і матывацыяй у дасягненні новых вяршыняў. Мікіта Авечкін, навучэнец СШ №1, Андрэй Норык, навучэнец СШ №7. Сёння яны паспяховыя студэнты і працягваюць актыўную грамадскую работу.
Праект выклікаў вялікую цікавасць у моладзі, і было вырашана, што ён працягне сваё існаванне.
У 2023 годзе – 70 удзельнікаў з Беларусі, 90 – з Расіі, па 20 – з Арменіі і Кыргызстана. Сярод пасажыраў «Цягніка Памяці» была Кацярына Раманюк, навучэнка Шчорсаўскай сярэдняй школы.
У 2024 годзе «Поезд Памяці» аб'яднаў 200 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана. Дзеці наведалі 13 гарадоў, правялі 14 дзён у дарозе, пераадолелі 9316 км маршруту. Навагрудчане не трапілі ў лік пасажыраў «Цягніка», але двое навучэнцаў, удзельнікаў абласнога этапу ў складзе дэлегацыі «Аўтобуса Памяці», наведалі Маскву: Кур'ян Яўген, навучэнец СШ №7 г. Навагрудка, Радаслава Жыдко, навучэнка Нягневіцкай СШ.
У 2025 годзе праект «Цягнік Памяці» прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Удзельнікі праекта «Цягнік Памяці» наведаюць 15 гарадоў Беларусі і Расіі, паведаміла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падчас пасяджэння арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні ў 2025 годзе сумеснага беларуска-расійскага патрыятычнага культурна-асветніцкага праекта «Цягнік Памяці».
«Цягнік Памяці» будзе праходзіць з 21 чэрвеня па 5 ліпеня. Хлопцы і дзяўчаты наведаюць 15 гарадоў Беларусі і Расіі. Старт традыцыйна будзе дадзены ў Брэсцкай крэпасці, – расказала Наталля Качанава. – Водгукі аб гэтым праекце проста выдатныя. Яго ўдзельнікі сябруюць, зносяцца. Падчас сустрэчы ва Уфе ў рамках Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі яны прапанавалі праводзіць сустрэчы ўсіх, хто ўдзельнічаў у папярэдніх праектах».
Адбор удзельнікаў праходзіць на конкурснай аснове: конкурс «Я патрыёт сваёй краіны» праходзіць у тры этапы. Ва ўстановах адукацыі Навагрудскага раёна па выніках першага этапу конкурснага адбору ў другі тур прайшлі 12 навучэнцаў з устаноў адукацыі Навагрудскага раёна. Дзеці прадставілі свае візітныя конкурсныя выступленні. Але толькі адна ўдзельніца працягнула конкурсную барацьбу ў фінале трэцяга абласнога этапу за запаветнае месца ў праекце 25 сакавіка. Гэта навучэнка сярэдняй школы №7 г. Навагрудка Аганноўская Юлія.
Качанава Н.І. — удзельнікам «Цягніка Памяці»: «Мы можам усё, калі мы разам, калі мы адзіныя».
Дзякуючы праекту сотні дзяцей здзейснілі ўнікальны двухтыднёвы экскурс у гераічнае мінулае нашага народа. А ў тысяч ён яшчэ наперадзе! Праўда, каб стаць часткай праекта, дзецям трэба як след паспрабаваць і праявіць сябе, бо трапіць у «Цягнік Памяці» могуць толькі лепшыя з лепшых. У першую чаргу ён закліканы аб'яднаць моладзь краін СНД, сфарміраваць паважлівае стаўленне да гістарычнай памяці брацкіх народаў і, вядома, пазнаёміць іх з гісторыяй і месцамі баявой славы часоў Вялікай Айчыннай вайны, культурай і традыцыямі суседніх дзяржаў.


Прагледзець